АКУСТЫ́ЧНАЯ ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,

універсальны метад неразбуральнага кантролю, заснаваны на выкарыстанні акустычных хваляў. У працэсе кантролю аналізуюцца амплітудныя, фазавыя, частотныя і інш. характарыстыкі акустычных хваляў, узбуджаных вонкавай крыніцай (актыўны метад) або матэрыялам, які кантралюецца (пасіўны метад). Парушэнне суцэльнасці (расколіны, ракавіны і інш.) або аднароднасці (вял. зярністасць і інш.) матэрыялу прыводзіць да скачкападобнай або плаўнай змены яго акустычных характарыстык (скорасці і каэфіцыента затухання гуку, хвалевага супраціўлення) і ўплывае на ўмовы распаўсюджвання пругкіх хваляў. Выкарыстоўваецца для кантролю матэрыялаў і вырабаў у машына- і прыладабудаванні, зварачнай вытв-сці, буд-ве і інш.

А.Р.Баеў.

т. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)